ЦЫКЛАДАЛУЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, цыкладалучэнне,

група арган. рэакцый, у якіх 2 ненасычаныя малекулы далучаюцца адна да адной з утварэннем новага цыкла. Суправаджаецца змяншэннем кратнасці сувязей.

Паводле колькасці атамаў кожнага кампанента адрозніваюць [2+1]-, [2+2]-, [2+4]-цыкладалучэнні і інш. Пры [2+1]-Ц.р. да кратнай сувязі малекулы далучаецца атам з запоўненай і адначасова вакантнай арбіталлю (напр., карбен, дыхлоркарбен), у выніку чаго ўтвараецца трохскладовы цыкл. Чатырохскладовыя цыклы ўтвараюцца ў выніку [2+2]-Ц.р., напр., з алкенаў утвараюцца замешчаныя цыклабутаны. Прыклад [2+4]-Ц.р. — дыенавы сінтэз (рэакцыя Дзільса—Альдэра), які дазваляе атрымаць шасціскладовы цыкл з рознымі замяшчальнымі групамі. Выкарыстоўваюцца Ц.р. ў арган. хіміі для сінтэзу карба- і гетэрацыклічных злучэнняў зададзенай структуры.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)